КО́МПАСНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, лісце якіх размешчана ў напрамку Пн—Пд. Лісце К.р. у поўдзень паварочваецца рабром да сонечнага святла. Інтэнсіўнасць фотасінтэзу пры гэтым не зніжаецца, але расліны пазбягаюць празмернага выпарэння вады і перагравання. Звычайна трапляюцца ў стэпах, паўпустынях і інш. месцах з моцнай інсаляцыяй. Напр., у Аўстраліі — эўкаліпты, у Паўн. Амерыцы — сільфіум. На Беларусі ў агародах, на пустках і ў садах расце салата компасная (Lactuca serriola) — двухгадовая расліна сям. складанакветных выш. 60—120 см з бледна-жоўтымі кветкавымі кошыкамі і лісцем, павернутым рабром да сонца.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)